Мы пачынаем кампанію #superparents і прэзентуем новы кліп! "Хмаркі" (Clouds)

Кожны дзіцёнак лічыць сваіх бацькоў супер-героямі. Але супер моц мамы й таты гэта не магчымасьць лятаць на звыш хуткасьці ці перасоўваць рэчы сілаю зроку, не! Любоў, прыняцьцё, блізкасьць, давер, пачуцьцё бясьпекі – вось што такое сапраўдная супермоц бацькоў!

Паводле няпростай гісторыі прыняцьця мы зьнялі відэакліп на наш трэк «Хмаркі» (Clouds). Гэта нават болей, чым кліп. У выніку атрымаўся міні-фільм, які распавядае пра лёс трансгендарнай дзяўчыны Валерыі Шандэры. Яна нарадзілася ў целе мужчыны, прызналася пра гэта маці і разам яны прайшлі складаны шлях пабудовы ідэнтычнасьці Леры. Натхнёныя гэтай гісторыяй любові і падтрымкі мы й зьнялі кліп і пачалі кампанію #superparents.

Сёньня ў Беларусі ўсё болей бацькоў адкрыта падтрымліваюць сваіх ЛГБТ дзяцей. Мы хочам гаварыць пра гэта праз музыку, дапамагаць тым, хто яшчэ ня вырашыўся на гэта, часьцей бавіць час разам і такім чынам крок за крокам ісьці да зьменаў у нашым грамадзтве.

На фота вы бачыце мяне і некаторых мам ЛГБТ дзяцей з Беларусі і Ўкраіны. Паглядзіце, якія яны шчасьлівыя і разьняволеныя! Мы хочам данесьці такі ж настрой да іншых бацькоў, паказаць прыклад.

На дадзены момант праблема гамафобіі ў Беларусі стаіць даволі востра. Мы імкнемся да таго, каб гэтая сытуацыя выправілася.

Хутка ў мяне народзіцца дачка. Я ня ведаю, як складзецца яе лёс, я ня ведаю, якой будзе яе сэксуальная і гендарная ідэнтычнасьць. Але я дакладна ведаю, што я прыкладу ўсе намаганьні да таго, каб яна жыла ў грамадзтве, дзе ўсе людзі роўныя ў сваіх правах і чалавечае годнасьці.

Я запрашаю вас далучыцца да нас, дэталі кампаніі вы знойдзеце тут: https://bit.ly/2P5IHez

З павагай і любоўю, Руся.